Бяспека сайта: навошта патрэбны аўдыт і што ён правярае

вярнуцца

Многія ўладальнікі невялікіх сайтаў думаюць, што іх ніхто не будзе ўзломваць: «Каму патрэбна наша старонка?» Але большасць атак аўтаматычныя. Боты праходзяць па тысячах сайтаў і шукаюць вядомыя ўразлівасці, не разбіраючы, вялікая гэта кампанія ці майстэрня на дзве асобы.

Чым пагражае ўзлом

  • На сайт дадаюць спам-старонкі ці схаваныя спасылкі, і ён выпадае з пошуку.
  • Наведвальнікаў перанакіроўваюць на фішынгавыя ці шкодныя сайты.
  • Выкрадаюць базу кліентаў, заказы, паролі.
  • Сервер выкарыстоўваюць для рассылкі спаму, і хостынг блакуе ўліковы запіс.

Самыя частыя прычыны

Састарэлая CMS і плагіны без абнаўленняў, простыя паролі да адмінкі і FTP, формы, якія не правяраюць увод, і загрузка файлаў без абмежаванняў. Асобная праблема — копіі базы і архівы сайта, забытыя ў публічнай папцы: іх лёгка знайсці і спампаваць.

Што ўваходзіць у аўдыт бяспекі

  • Праверка версій CMS, модуляў і бібліятэк на вядомыя ўразлівасці.
  • Пошук SQL-ін'екцый, XSS і памылак у апрацоўцы формаў.
  • Аналіз правоў доступу да файлаў і настроек сервера.
  • Праверка HTTPS, загалоўкаў бяспекі і cookie.
  • Пошук шкоднага кода і падазроных файлаў, калі сайт ужо пацярпеў.

Па выніках кліент атрымлівае справаздачу з пералікам праблем, ацэнкай рызыкі і рэкамендацыямі, што выправіць у першую чаргу.

Базавая гігіена, якую можна зрабіць ужо сёння

Змяніце паролі да адмінкі, хостынгу і пошты на доўгія і ўнікальныя, уключыце двухфактарную аўтэнтыфікацыю. Абнавіце CMS і плагіны, выдаліце тыя, што не выкарыстоўваюцца. Наладзьце рэгулярныя рэзервовыя копіі, якія захоўваюцца не на тым жа серверы. І праверце, хто з былых падрадчыкаў да гэтага часу мае доступ да сайта.

Калі рабіць аўдыт

Пасля запуску новага сайта, пасля змены падрадчыка, пры падазрэнні на ўзлом і проста раз на год для сайтаў, якія прымаюць заказы ці захоўваюць даныя кліентаў. Выправіць праблему загадзя заўсёды танней, чым аднаўляць сайт і рэпутацыю.

Калі сайт ужо ўзламалі

Не выдаляйце файлы наўздагад і не аднаўляйце сайт з копіі, не высветліўшы прычыну, — інакш праз некалькі дзён усё паўторыцца. Спачатку змяніце ўсе паролі, захавайце копію пашкоджанага сайта для аналізу, знайдзіце ўразлівасць, праз якую адбыўся ўзлом, і толькі потым чысціце і аднаўляйце.

Падрабязней пра тое, як мы правяраем сайты, — на старонцы паслугі аўдыту бяспекі.

Бяспека сайта: навошта патрэбны аўдыт і што ён правярае